ПЁТР З ДУ́СБУРГА (Petrus de Dusburg),
храніст канца 13 — пач. 14 ст., святар Тэўтонскага ордэна. Паходзіў з ням. г. Дуйсбург або галандскага г. Дусбург. Падрабязнасці жыцця і дзейнасці не захаваліся. Магчыма, быў набліжаным да вял. магістра ордэна Вернера фон Орзельна, якому прысвяціў «Хроніку зямлі Прускай» на лац. мове. «Хроніка» ахоплівае падзеі ад заснавання ордэна ў Палесціне ў 1190 і да 1326, асаблівая ўвага аддадзена падзеям канца 13 — пач. 14 ст., сучаснікам якіх быў аўтар. Ёсць дапаўненні за 1326—30, аўтарам якіх, верагодна, быў таксама Пётр. «Хроніка» змяшчае багаты і часта унікальны матэрыял пра войны ордэна з зах.-балцкімі плямёнамі, Літвой, Польшчай, пра напады рыцараў на Гародна і Новагародак («Крывіцкую зямлю»), пра ваен. дзейнасць Давыда Гарадзенскага.
Тв.:
Рус. пер. — Хроника земли Прусской. М., 1997.
т. 12, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)